АМА́ТАРСКАЕ КІНО́,

кінааматарства, від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.

На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)